Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 1 человек

Акция "Живая память поколений"

Дата: 15 февраля 2017 в 15:28, Обновлено 8 сентября 2021 в 10:41
Автор: Ганчук В. В.

 Гэта апавяданне напісаў вучань гімназіі Ермакоў Ягор, яно ўвайшло ў зборнік "Ніколі не забудзем. Унукі пра вайну"

“Крывы” Міхась

“Крывы Міхась” – так жартам і ўсур’ёз называў ён сябе.

Я нарадзіўся ў той год, калі яго не стала. Усё, што я пра яго ведаю, мне расказалі матуля і бабуля. Дзеці, пляменнікі, унукі памятаюць яго ўжо не маладым, але заўсёды з лагоднай усмешкай на твары і бляскам незвычайных вачэй. Родны брат маёй прабабулі Кацярыны і прабабулі Агаты нарадзіўся ў 1908 годзе. Гэта з ім маленькім на руках мае прапрадзед і прапрабабка Кучук-Ждановіч Іван Андрэевіч і Варвара Іванаўна пакінулі сваю старажытную Радзіму - вёску Чурылава Уздзенскага раёна. Пасля Сталыпінскай рэформы яны атрымалі крэдыт у банку і паехалі шукаць шчасця-долі для сябе і ўжо народжаных дзетак.

У Чэрвеньскім раёне на хутары Любуск набылі кавалак зямлі і пачалі будаваць новае жыцце.

Уласны кут! Уяўляю, колькі спадзяванняў, мар прапрадзедка і прапрабабка  прывезлі з таго Чурылава ў гэты неабжыты яшчэ куточак зямлі.

А той маленькі хлопчык Міхась з маленства вучыўся ад бацькі свайго габляваць, рабіць бочкі, цэбры, куфры. Карацей, цяжкую навуку ”быць гаспадаром” спасцігаў з ранняга дзяцінства. А яшчэ ён, як і галоўны герой паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”, чуў незвычайныя гукі зямлі. Яго вабіў нязведаны і незразумелы свет. І толькі пачуўшы гукі скрыпкі і цымбалаў, Міхась зразумеў: вось яно. Тое, што трывожыць і хвалюе, што часамі не дае заснуць, чым поўніцца душа. І ён пачаў іграць. З цягам часу асвоіў гітару, балалайку, цымбалы. Мог навесці ў струнах такі лад, што пазайздросціў бы любы музыка-прафесіянал.

7 лістапада 1929 года ажаніўся, завеў уласную гаспадарку. У 1933 годзе нарадзіўся сын Герык (першая дачушка Таіса памерла маленькай). Шчыравалі на хутары, радаваліся таму, што жыццё наладжваецца.

У 1939 годзе хутар быў знішчаны мясцовымі ўладамі (ў ходзе калектывізацыі) і ўсім нашым продкам прыйшлося пакінуць гэты ўжо любы іхняму сэрцу Любуск, абжытыя хаты, маладыя садкі і, галоўнае, сваю мару, якую галубілі і выношвалі не адно дзесяцігоддзе. Мару аб лепшым жыцці.

Сем’і перасялілі ў саўгас “Маладая гвардыя” Чэрвеньскага раёна. Зноў пачалі абзаводзіцца новымі котлішчамі, садзіць сады, нараджаць на шчасце дзетак…

Так скончылася іх аднаасобніцтва і пачалася новая вяха жыцця. Праца ў саўгасе больш была не за грошы, а за працадні. Але радаваліся таму, што не раскулачылі, не раскідалі ўсіх па свеце. Разам, талакою, зноў пачалі будавацца, жыць.

У 1941 годзе ў сям’і Ждановіча Міхаіла Іванавіча і Стэфаніды Якаўлеўны нарадзіўся яшчэ адзін сынок – Мішка.

Радасць была нядоўгай. Ад пранікнёнага голасу дыктара Левітана прапрадзед Янка аслупянеў, а Міхась падумаў: “Лёс Радзімы вышэй. Вышэй за ўсё…” Не раздумваючы, ён ідзе ў партызаны. 108 атрад імя Сталіна, брыгада Ціхамірава (дарэчы, мая бабуля Тамара памятае, як Ціхаміраў прыязджаў да дзеда Міхася год праз 20 пасля заканчэння вайны).

Не раз пасля бою ціха гучала ў зямлянцы Міхасёва гітара. Плакалі струны, нібы прадчуваючы, якое гора напаткала сям’ю там, на новым месцы жыхарства, у весцы Рэчкі.

Па наводцы мясцовых паліцаяў фашысты схапілі 11 чалавек і расстралялі іх за вёскай у саўгасным гумне. За партызанскую дзейнасць Міхася такім чынам быў пакараны яго бацька Янка. Гэта было зімой 1943 года.

Прабабуля Агата расказвала, як прапрабабка Варвара ўзяла самаробныя санкі і ноччу паехала ў тое гумно. Усе забітыя былі без вопраткі і ляжалі тварамі ўніз. Прапрабабка, абмацваючы, па нагах пазнала дзеда і прыцягнула яго на мясцовыя могілкі.  Ноччу сваякі вырылі дол і пахавалі яго.

Калі на наступны дзень фашысты вырашылі, што забітых трэба спаліць, гумно было ўжо пустое…

А Міхась у гэты час быў далёка ад роднага дому... Чацвёра партызан атрымалі заданне рухацца ў Чэрвеньскі раён. Пры пераходзе шашы на станцыі Мірадзіна каля горада Бабруйска група была расстраляна з нямецкага кулямёта. Міхася моцна параніла ў нагу. Кулямётчык быў забіты. Жывыя кінуліся ў лес. Фашысты пачалі наганяць. Хлопцы схавалі Міхася ў лесе пад лаўжом, мяркуючы пазней вярнуцца за ім. Калі сціхла перастрэлка, двое партызан вярнуліся (адным з іх быў 16-гадовы студэнт ПТВ г. Мінска. Пасля вайны ён адшукаў адрас прадзеда, прыязджаў наведаць яго). Міхась быў вельмі слабы, бо страціў шмат крыві. Хлопцы не змаглі вынесці яго ўдвух і  пайшлі за падмогай. У гэты час дзядулю знайшлі немцы. У ватоўцы Міхася ляжалі тэрмітныя запалкі, якія выкарыстоўваліся дзеля падрыву фашысцкіх цягнікоў.  Яго адправілі ў турму пад назвай Крэпасць горада Бабруйска. Там яму вельмі пашанцавала. Турэмны пісар быў з Чэрвеньскага раёна. Ён запісаў Міхася не як партызана, а як ваеннапалоннага і гэтым выратаваў яго жыццё (усіх, хто быў у партызанах, вывезлі і ўзарвалі). Цяжка параненага прадзядулю пераправілі ў польскі шпіталь (Сялец, Сядлец?).

Пасля вызвалення Польшчы Міхась на падручных сродках накіраваўся ў Мінск. Там жыла яго сястра Манька. Ад Мінска да роднай вёскі заставалася 100 км, якія вырашыў прайсці пешшу на мыліцах.

Дома ведалі пра падзеі ля Бабруйска. Не дачакаўшыся ніякай весткі, адплакалі і памянулі Міхася. Вырашылі, што загінуў ад кулі ворага.

Уяўляю, якая гэта вялікая радасць была для маці, жонкі, дзетак, сясцёр і ўсіх блізкіх, калі хтосьці з аднавяскоўцаў перадаў:

  • Стэфка, Міхась пакалечаны, але жывы. Ён ідзе з Мінска…

Яна запрэгла каня і паехала яму насустрач. Хай хоць і “крывы”, але ж у хату вярнуўся гаспадар, бацька, мужык. Лячылі раны, адбудоўвалі жыццё.

Як і да вайны, Міхась займаўся сталярствам і цяслярствам (варштат для апрацоўкі дрэва стаяў у першай хаце дзесьці да 65-га года). Рабіў рэчы для штодзённага ўжытку. Вельмі практычныя і прыгожыя. Займаўся разьбой, размалёўкай па дрэве, аплікацыяй саломкай, рабіў узоры на тканіне (набойкі), веранды з арыгінальна зашклёнымі акенцамі з дэкаратыўнай паліхромнай расфарбоўкай, мастацкую шалёўку сцен, усіх аднавяскоўцаў абуваў у самаробныя галошы. Пра такіх у народзе гавораць “самародак”. Адкуль, з якіх пакаленняў нашага родавага дрэва перадаўся яму такі незвычайны талент да ўсяго? Многія рэчы, зробленыя рукамі прадзядулі, аберагаюцца ў нашай сям’і і зараз.

Пасля ВАВ у сям’і Міхася нарадзіліся Галя, Ванька і Анатоль. Больш за ўсё дзеці любілі, калі бацька садзіўся ў нядзелю на лаўку ля хаты і браў у рукі гітару ці балалайку. Тады збіраліся ўсе суседзі…

Матуля расказвала, як сваякі сабраліся, каб павіншаваць прадзядулю Міхася і прабабулю Стэфку з 70-годдзем іхняга шлюбу. У самы разгар бяседы прадзед вынес з другой паловы хаты гітару і, павярнуўшыся да прабабулі, заспяваў свой любімы раманс: “Спрятался месяц за тучку, в небе не хочет гулять. Дайте вы мне свою ручку к пылкому сердцу прижать…” Тады яму было больш за 90 год!  А голас такі малады, такі пранікнёны, такі шчыры… І гарэзлівыя агеньчыкі ў вачах.

У Дзень Перамогі прадзед Міхась заўсёды даставаў свае ўзнагароды, сярод якіх быў ордэн Вялікай Айчыннай вайны 1 ступені, медаль “За адвагу”, медаль “За победу над фашистской Германией”. І доўга пазіраў на іх. Пра што думаў наш герой вайны ў такія хвіліны? Пэўна, пра ўнукаў сваіх, пра праўнукаў. Каб іх не напаткаў такі неміласэрны лёс, які выпаў яму.

Пасля смерці прадзядулі ўсе ўзнагароды забраў унук Дзяніс. Вывешаныя на вымпеле ў кватэры ў Мінску, яны і сёння зіхацяць прадзядулевай славай.

А вось на піянерскія зборы Міхась не хадзіў ніколі. Не мог расказваць пра вайну. Відаць, вельмі цяжкімі і балючымі былі ўспаміны…

Матэрыял падрыхтавала вучаніца 11 класа Шмарлоўская Анастасія

Вайна… 22 чэрвеня 1941 года гэта жудаснае слова ўварвалася ў жыццё кожнага беларуса. Напэўна, няма на нашай зямлі такой сям’і, якая б так ці інакш не ўдзельнічала ў той вайне. І хоць прайшло ўжо 70 гадоў пасля вызвалення Беларусі, кожная сям’я  перадае нашчадкам жахлівыя ўспаміны тых дзён.

Сярод старых дакументаў маёй сям’і захоўваецца пажоўклы нумар раённай газеты “Сцяг Леніна”. У ёй надрукаваны артыкул “Трагедыя вёскі Уцешына”, у якім мой прадзядуля Пётр Іванавіч Францкевіч распавядае пра лёс сваёй роднай вёсачкі.

У Бярэзінскім раёне, як і на ўсёй тэрыторыі Беларусі, з першых дзён акупацыі разгаралася полымя партызанскай барацьбы беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Партызанскі рух, які шырыўся і мацнеў з кожным днём, падпольная барацьба, якая ўсё больш набывала арганізаваны і масавы характар, не на жарт непакоілі камандаванне фашысцкіх войск. На барацьбу з партызанамі і мірным насельніцтвам, якое, вядома, пастаянна падтрымлівала сваіх народных мсціўцаў, гітлераўцы наладжвалі шматлікія карныя экспедыцыі.

У Бярэзінскім раёне адной з першых баявых аперацый партызан была

засада на дарозе ў лесе каля в.Уцешына, у выніку якой народныя мсціўцы падарвалі аўтамашыну з немцамі. У адказ фашысты расстралялі ўцешынцаў, а вёску спалілі.

Былы партызан 120 атрада, сакратар падпольнага райкома ЛКСМБ Міхаіл Фёдаравіч Пыж расказваў пра гэта так: “Група партызан нашага атрада, даведаўшыся, што будзе ехаць аўтамашына з фашыстамі з Брадца ў Беразіно, зрабіла засаду ў лесе каля Уцешына. У выніку было знішчана некалькі гітлераўцаў. У іх забралі зброю і пасылкі, якія яны везлі на пошту. Помсцячы за здзейсненую аперацыю, фашысты і спалілі Уцешына, расправіліся з яе жыхарамі” (1, 2).

Сведкамі гэтага і былі мой прадзядуля Пётр Іванавіч Францкевіч і яго сястра Марыя. Вось што расказвае ён пра падзеі тых жахлівых дзён, апынуўшыся на месцы ўзрыву машыны з немцамі: “Вось тут быў мосцік, а вось тут, у гэтых ямах-акопах сярод лесу, ля самай дарогі залегла чацвёра партызан, у тым ліку Пётр Гарлеўскі з Гарэніч. Калі нямецкая машына з сямю фашыстамі параўнялася з партызанамі, яны кінулі пад яе звязку з трох гранат. Атрымаўся моцны выбух, машына перакулілася і загарэлася. Партызаны з аўтаматаў адкрылі агонь па гітлераўцах, якія пачалі ўцякаць. У выніку чацвёра фашыстаў было забіта, трое з іх афіцэры. Доўга тут валялася абгарэлая аўтамашына”.

Да калектывізацыі ва Уцешыне налічвалася дванаццаць  двароў. Сем гаспадарак пераехалі ў розныя месцы, але больш за ўсё – у Крапіўню. На дзень трагедыі ў вёсцы было пяць хат, у якіх жылі сем’і Францкевічаў, Душэўскіх, Ліпніцкіх і Букатых. Усяго налічвалася 26 вяскоўцаў. Больш за ўсё было дзяцей.

“Няшчасце адбылося 14 верасня 1942 года, - расказвае мой прадзядуля. -  Пасля ўзрыву ў лесе на месца падзеі наехалі фашысты і паліцаі з Брадца і Беразіно. Вёску акружылі. Карнікі ўварваліся ў дом Івана Іванавіча Ліпніцкага, дзе быў і мой бацька Іван Міхайлавіч (ён ішоў з Крапіўні і завітаў сюды). Вывелі іх у сад і расстралялі. А Канстанцін Ігнатавіч Ліпніцкі з братам Браніславам былі на агародзе. Іх тут жа і забілі. Адначасова карнікі прывялі з

поля жыхара Крапіўні Крота і забілі яго ў садзе Душэўскіх. З надыходам вечара фашысты пакінулі вёску. Напалоханыя партызанамі, яны, едучы грузавіком, стралялі з кулямёта ў розныя бакі лесу ад Уцешына да Беразіно.

На другі дзень карнікі з’явіліся зноў. Вёску ачапілі. Заходзілі ў кожную хату, забіралі ўсё, што трапляла пад рукі. Людзей сагналі ў адно месца. На іх вачах паліцаі выкапалі яму, пасля чаго фашысты загадалі лезці туды і легчы ніц Ганне Усцінаўне Францкевіч, Мікалаю Душэўскаму і Уладзіміру Клімантовічу. Раздаліся аўтаматныя чэргі. Сюды ж паліцаі прыцягнулі трупы забітых у першы дзень. Дзяцей малых не чапалі і загадалі адвесці куды-небудзь.

Мне тады было васемнаццаць гадоў. У гэты дзень я араў поле пад азімае жыта. Пачуў узрыў. Справіўся прыехаць дадому, распрэгці каня і зайсці ў хату. А тут завітаў сусед Леанід Пятровіч Крот і гаворыць, што немцы забілі ў садзе бацьку. Мы з маці паспяшаліся туды і напароліся на карнікаў. Я сказаў маме: “Да пабачэння!” (Гэта былі мае апошнія словы, якія я ёй сказаў). А сам перабежкамі пад свіст куль накіраваўся ў бок кустоў і лесу. Кулі прабілі верхняе адзенне, але мне суджана было застацца жывым. Сястра Марыя ў гэты дзень была ў Аўгустове і таксама выратавалася ад смерці”.

Расправіўшыся з мірным насельніцтвам, фашысты запалілі ўсе хаты і гаспадарчыя пабудовы і паехалі. На месцы былой вёскі засталіся руіны печаў, галавешкі, абгарэлыя дрэвы.

Цераз пэўны час родзічы, якія засталіся жыць, выкапалі брацкую магілу і перазахавалі ахвяры фашызму. Не перазахавалі толькі Уладзіміра Клімантовіча – забраць яго не было каму. Ён быў сіратой і жыў заробкамі пастуха.

Пасля вайны гэтае месца абазначылі слупкамі. Але з цягам часу яны згнілі, а трактарысты разаралі магілу і ўключылі яе ў агульнае поле.

“Цяжкі лёс выпаў на маю долю, - расказвае прадзядуля. – Калі жыў у Аўгустове ў бабулі, мясцовы здраднік перадаў у гарэніцкі гарнізон, што ў вёсцы пражывае партызанская сям’я. Мяне аднойчы схапілі фашысты і павезлі ў Беразіно. Па-зверску білі, цкавалі аўчаркамі. Затым адправілі ў магілёўскую турму, дзе было не лепш. З турмы ў ліку іншых вязняў адправілі ў Германію, дзе працаваў на заводах. Вызвалілі амерыканскія войскі.”

…Хутка ляціць час. Больш 70-ці гадоў прайшло з дня трагедыі вёскі Уцешына. Сёння многае робіцца, каб трагедыі, падобныя гэтай, не паўтарыліся. Але тым, каму пашчасціла жыць, трэба памятаць пра тых, хто загінуў ад рук фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Нашчадкі не павінны забываць трагедыі Уцешына. Сёння на месцы былой вёскі поле. На ўскрайку лесу паміж кустоў лазы і алешніку пятляе вузенькая рэчка Крапівенка. Побач – кусты бэзу і бузіны. Роўнае поле акружае лес. Цераз поле праходзіць гравійная дарога Беразіно – Пуцькава. Сумна становіцца ад думкі, што тут некалі жылі працавітыя людзі, гадавалі дзяцей, разводзілі жывёлу, займаліся земляробствам, а сёння – нікога няма. Толькі зрэдку галасы птушак парушаюць насцярожаную цішыню.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.